ЗНА́КІ АДРО́ЗНЕННЯ ваеннаслужачых,

знакі на форменным адзенні для абазначэння персанальных званняў воінскіх, прыналежнасці да відаў узбр. сіл, родаў войск, спец. войск, службаў. Да З.а. адносяцца пагоны, пятліцы, нагрудныя і нарукаўныя знакі (нашыўкі, шаўроны), знакі на галаўных уборах, пагонах, пятліцах (кукарды, эмблемы, зорачкі і інш.), канты і лампасы. Зарадзіліся ў старажытнасці; у рус. арміі ў 16 ст., у Сав. Арміі з 1918. З.а. ваеннаслужачых Рэспублікі Беларусь уведзены пастановай СМ 7.5.1993. Асн. З.а. з’яўляецца наплечны пагон, на якім размешчаны адпаведна воінскаму званню З.а. ў выглядзе прасветаў, зорачак, нашывак і да т.п., а таксама эмблемы або літары. З.а. на пагонах дапаўняюцца нагруднымі або нарукаўнымі нашыўкамі, эмблемамі на пятліцах і кукардамі на галаўных уборах.

т. 7, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)